НІШТА́ЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1721,
дагавор паміж Расіяй і Швецыяй, які завяршыў Паўночную вайну 1700—21. Падпісаны 10.9.1721 у г. Ніштат (цяпер Уусікаўпункі, Фінляндыя). Паводле Н.м.д. да Расіі адыходзілі Ліфляндыя з Рыгай, Эстляндыя з Рэ́велем (цяпер Талін) і Нарвай, ч. Карэліі з Кексгольмам (цяпер Прыазёрск), Інгерманландыя (Іжорская зямля, дзе на р. Нява пабудаваны С.-Пецярбург), Маандзунскія а-вы і інш. прыбалтыйскія землі да мяжы Курляндскага герцагства. Расія вяртала Швецыі занятую рас. войскамі Фінляндыю і выплачвала ёй у якасці кампенсацыі за страчаныя землі 2 млн. яфімкаў (сярэбраных рублёў). Аднаўляўся гандаль паміж дзвюма краінамі; Швецыя атрымлівала права штогод бяспошлінна купляць у Расіі і вывозіць з яе на 50 тыс. руб. хлеба. Н.м.д. замацаваў за Расіяй выхад да Балтыйскага м.
т. 11, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)